Міжнародны дзень роднай мовы
21.02.2023Там звіняць неўміручыя песні на поўныя грудзі,
Там спрадвеку гучыць мая мова, булатны клінок.
Тая гордая мова, якую й тады не забудзем,
Калі сонца з зямлёю ў апошні заглыбяцца змрок.
Уладзімір Караткевіч
Што такое мова? Зразумела, кожны адкажа на гэтае пытанне па-рознаму, бо кожны па-свойму разумее значэнне гэтага слова.
21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Для нашага народа родная мова – беларуская. Беларуская мова прайшла доўгі шлях, на якім былі як часы росквіту, так і часы заняпаду. Былі нават такія перыяды, калі беларуская мова ледзь не знікла. Аднак, нягледзячы на ўсе перашкоды, наша мова вытрымала выпрабаванні і цяпер квітнее, займае сваё пачэснае месца сярод іншых моў свету.
У рамках важнага для ўсіх беларусаў свята ў нашым дзіцячым садку адбыўся конкурс чытальнікаў вершаў на роднай мове «Няхай гучыць родная мова!».
Выхаванцы другіх малодшых, сярэдніх і старэйшых груп змаглі паспрабаваць сябе ў незвычайным амплуа канкурсантаў. У сатворчасці з бацькамі і педагогамі нашы выхаванцы змаглі не толькі перадаць прыгажосць паэтычнага роднага слова, але і стварыць непаўторныя паэтычныя выявы.
Пераможцам конкурсу стаў кожны выхаванец, які дапамог гучаць роднаму слову гучна і ганарліва, прыгожа і непаўторна!
Безумоўна, які ж конкурс без узнагарод! Кожны канкурсант атрымаў дыплом у вызначанай намінацыі.
Віншуем усіх дзетак з паспяховым выступленнем!
Выказваем вялікую падзяку бацькам і педагогам за падрыхтоўку выхаванцаў да конкурсу! Разам мы робім вялікую справу!